Асаблівую старонку ў гісторыі Бярэсця займаюць падзеі ў часы мангола-татарскага нашэсця. Войскі хана Батыя, спустошыўшы Русь, 5 снежня 1240 г. узялі Кіеў і напалі на Валынь, разбурылі гарады, спустошылі сельскую мясцовасць, перабілі і выгналі ў няволю значную частку насельніцтва. Асноўны паток мангола-татарскіх войскаў прайшоў на поўдзень ад Бярэсця, але да горада, відавочна, праніклі асобныя атрады пад кіраўніцтвам хана Арду. Мяркуючы па запісе ў летапісе, у палях паблізу горада адбылася бітва. Аб разбурэнні Бярэсця запісу няма. Падчас раскопак таксама не выяўлена слядоў вялікага пажару і масавай гібелі людзей у слаях сярэдзіны ХІІІ ст. Відавочна, што Бярэсце не было ўзята і разбурана. Берасцейцы адстаялі свой горад.