У Бярэсце ў вялікай колькасці прывозіліся прасніцы, вытачаныя з ружовага і чырвонага каменю – шыферу (пірафілітавага сланцу), які ў Х–ХІІІ стст. здабывалі на тэрыторыі цяперашняй Украіны, каля Оўруча. Гэта адзінае ў Еўропе радовішча такога каменю. Важылі прасніцы ў сярэднім каля 16 г, вышыню мелі ад 4 да 12 мм, вонкавы дыяметр – ад 10 да 25 мм, дыяметр адтуліны для верацяна быў 6-10 мм. Калі верацяно аказвалася занадта вузкім, яго абмотвалі ніткай, каб не праслізгвала пры кручэнні.
Прасніцы выраблялі розных формаў: адны былі як бочачкі (бочачкападобныя), іншыя – як дзве мініяцюрныя трапецыі, злучаныя асновамі (біканічныя), трэція – як частка акружнасці (сферычныя). Дзвесце шыферных прасніц, знойдзеных археолагамі ў Бярэсці ў слаях XI–XIII стст., маюць дзве формы – біканічную і бочачкападобную.
Знойдзеныя падчас раскопак шыферныя прасніцы дапамагаюць археолагам у датаванні археалагічнага помніка. Шыферныя прасніцы існавалі з X ст., а ў XI ст. яны ўжо атрымалі шырокае распаўсюджанне. Найбольшага росквіту вытворчасць шыфернай прасніцы дасягае ў XII ст. Да канца ХІІ ст. выраб іх змяншаецца і зусім спыняецца ў ХІІІ ст. У час нашэсця мангола-татараў, Оўруч быў цалкам зруйнаваны, майстэрні былі разбураныя, многія майстры-каменярэзы загінулі. Замест шыферных прасніц зноў пачалі выкарыстоўвацца гліняныя.