Ва ўсходнеславянскіх гарадах былі вельмі распаўсюджаныя жаночыя ўпрыгожанні са шкла. Традыцыя вырабу шкляных упрыгожанняў прыйшла з Візантыі. Шкляныя бранзалеты розных колераў і тыпаў (гладкія, вітыя, кручаныя, рабрыстыя і перавітыя жгутом) у Бярэсце завозіліся ў асноўным з Кіева, дзе працавалі буйныя майстэрні па іх вырабе. Рознакаляровыя бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі добра глядзеліся на аднатоннай вопратцы XII–XIV стст. Берасцянкі насілі шкляныя бранзалеты на прыдалонні – пра гэта сведчыць іх памер: сярэдні дыяметр падобных упрыгожанняў складае ад шасці да адзінаццаці сантыметраў. Бранзалет быў не толькі ўпрыгожаннем, але і меў функцыянальнае прызначэнне: выкарыстоўваўся як зарукаўе, якое ўтрымлівала даволі доўгі прызбораны рукаў жаночага адзення. У другой трэці XIII ст. шкляныя ўпрыгажэнні практычна цалкам знікаюць з ужытку. Ардынскае нашэсце на Кіеў падарвала традыцыі іх вырабу.
Шкляныя пацеркі, устаўкі для пярсцёнкаў і посуд (келіхі, чаркі) таксама былі кіеўскай вытворчасці.