Горад у ХІІІ ст. займаў плошчу 3,5-4 га і складаўся з дзядзінца і пасада. Дзядзінец – цэнтральная ўмацаваная частка горада, размяшчалася на мысе пры зліцці рэк Заходняга Буга і Мухаўца. А вакольны горад ці пасад – на натуральным востраве, утвораным рукавамі Мухаўца.
Дзядзінец быў добра ўмацаваны. У якасці сродкаў абароны ў першую чаргу выкарыстоўваліся прыродныя перашкоды – водныя прасторы рэк Заходні Буг і Мухавец. Штучнымі абарончымі збудаваннямі з’яўляліся абарончыя равы і насыпныя земляныя валы з драўлянымі навальнымі будынкамі – крапасной сцяной з баявой галерэяй і вартавымі вежамі.
Для павелічэння абароназдольнасці горада, з мэтай добрага агляду мясцовасці ў ІІ палове ХІІІ ст. у Бярэсці была пабудавана цагляная абарончая вежа вышынёй больш за 29 метраў. Паводле летапісных звестак у гэты ж час у Бярэсці была ўзведзена праваслаўная царква святога Пятра.