Археалагічныя раскопкі неабходны для даследавання помнікаў матэрыяльнай культуры мінулых стагоддзяў. Асноўны сродак археалагічнага даследавання помніка, які мае шырокую плошчу – раскоп, г.зн. прамавугольны ўчастак паверхні, паслойна раскапаны да мацерыка (некранутага чалавечай дзейнасцю грунту). Абсалютны памер раскопу залежыць ад задач даследавання і магутнасці культурнага слоя. Звычайна яго плошча складае ад 100 да 400 м².
Перад пачаткам распрацоўкі культурнага слоя па пластах робіцца зачыстка, выраўноўванне плошчы раскопу і разбіўка яго на квадраты (як правіла 2х2 метры). Ускрыццё вядуць пластамі (звычайна па 20 сантыметраў) і паквадратна з ужываннем рыдлёвак. Пры выяўленні рэчаў, пахаванняў або іх слядоў замест рыдлёвак прымяняюцца нажы, пінцэты і пэндзлікі.
Раскопкі вядуць з абавязковай пераборкай або прасейваннем зямлі і з зачысткамі па кожным знятым «штыку». Знаходкі кожнага пласта адбіраюцца, апісваюцца, замалёўваюцца і захоўваюцца па слаях і квадратах (ці шурфах, участках, пабудовах і г.д.). Кожная знаходка дакладна фіксуецца на сваім месцы ў вертыкальнай і гарызантальнай плоскасцях, прычым адлік глыбінь вядуць ад адзінай кропкі (рэпера).
Археолагі збіраюць усе знаходкі, у тым ліку масавы керамічны і будаўнічы матэрыял, а не толькі «найбольш цікавыя» – індывідуальныя і архітэктурныя. Таксама яны сочаць за структурай слоя, колерам, кансістэнцыяй, колькасцю пяску, гліны і перагною, уключэннямі рэшткаў будаўніцтва (дранка, дрэва, камень, цэгла, вапна, раствор), слядоў гарэння (вугаль, попел, абпаленая глеба) і іншым.