Да ліку высокамастацкіх вырабаў адносіцца знойдзены ў Бярэсці ў слоі ХІІІ ст. шахматны кароль з косці. Ён ўяўляе сабой скульптурную паясную выяву чалавечай фігуры, выкананую ў рэалістычнай манеры – акруглы авал твару, сурова ссунутыя бровы, строгі нахмураны позірк выпуклых з кропкай-зрэнкай вачэй, злёгку гарбаты нос, невялікія апушчаныя ўніз вусы і клінападобная бародка, маленькія адтапыраныя вушы, доўгія да плячэй валасы, якія злёгку разыходзяцца ўнізе. На галаве фігуркі – круглая пляскатая шапачка, упрыгожаная арнаментам. Левая рука прыкрытая круглым шчытом, правая сагнутая ў локці і сціскае ў кулаку ручку пакладзенай на плячо булавы. Вышыня шахматнага караля 4,6 см.