Сярод цікавых знаходак, зробленых археолагамі ў Бярэсці, вылучаецца плоскі круглы свінцовы літы медальён (змеявік) з двухбаковым малюнкам. На адным яго баку – паясная выява Багародзіцы «Знак» з узнятымі рукамі і маленькай фігуркай Ісуса Хрыста ля пояса. На адваротным баку знаходзіцца малюнак клубка змей, якія адыходзяць ад галавы, змешчанай у цэнтры дыска. Змеявік меў прызначэнне абярэга, які павінен быў “абараняць” свайго гаспадара ад хвароб, бед і няшчасцяў. Наяўнасць на медальёне адначасова хрысціянскіх і паганскіх сімвалаў сведчыць пра складаны шлях хрысціянізацыі старажытных берасцян.