Паляванне служыла крыніцай атрымання шкур дзікіх жывёл, на якія існаваў пастаянны попыт. Акрамя гэтага, саступаючы жывёлагадоўлі, яно з'яўлялася дадатковай крыніцай здабывання мяса. Жыхары Бярэсця палявалі на дзіка, зубра, тура, лася, аленя, казулю, бабра, мядзведзя, ваўка, барсука, выдру. Сведчаннем таго, што гараджане займаліся паляваннем, з’яўляюцца не толькі касцявыя рэшткі жывёл, але і паляўнічая зброя: касцяныя наканечнікі стрэл, масіўныя нажы. Для лоўлі дробных звяркоў і птушак ужываліся розныя петлі, сілкі і пасткі.