Земляробства ў горадзе было ворным. Зямлю апрацоўвалі раламі і сохамі. У Бярэсці ў культурным слоі ХIII ст. у 1975 г. археолагамі была выяўлена ўнікальная знаходка, адзіная ў Еўропе да гэтага часу, – дубовае рала. Рала – земляробчая прылада, блізкая да плуга, якая прыйшла на змену ручной матыцы. Асноўная функцыя рала – рыхленне глебы. Яно мела драўляную аснову і металічны наканечнік-ральнік, а таксама дышаль, у які запрагалася жывёла. Цяглавой сілай для рала ў Бярэсці былі коні.
Быў знойдзены і моцна сцёрты металічны наканечнік – наральнік. А гэта значыць, што гараджане зрабілі яго не для продажу жыхарам вёскі, а самі доўгі час апрацоўвалі ім глебу. Гэта самы сцёрты наральнік з усіх цэлых наканечнікаў рала, знойдзеных археолагамі на тэрыторыі Беларусі.