Самай частай знаходкай у Бярэсці з’яўляюцца фрагменты гліняных пасудзін. Увесь берасцейскі посуд выраблены на ганчарным крузе, якім берасцейскія майстры валодалі ад заснавання горада. Спачатку ганчар рабіў загатоўку, якая нагадвала просты гліняны камяк. Затым загатоўка змяшчалася ў цэнтр ганчарнага круга, вялікімі пальцамі майстар рабіў донца. Круцячы круг і працуючы рукамі, ганчар надаваў загатоўцы адпаведныя даўжыню і форму. Далей майстар упрыгожваў пасудзіну хвалістым або лінейным арнаментам, высушваў яе і абпальваў у хатняй печы або спецыяльным ганчарным горне.