Многія знаходкі гавораць пра развіццё ў Бярэсці кастарэзнага рамяства. Матэрыялам тут служылі рогі і косткі лася, аленя, тура, казулі, хатніх жывёл. Асабліва цаніўся рог за лёгкасць апрацоўкі, аднастайнасць структуры і вязкасць. Асноўнымі інструментамі кастарэза былі піла, сякера, нож, свярдзёлак, разец, напільнік, такарны станок. Пра ўжыванне гэтых інструментаў сведчаць знойдзеныя нарыхтоўкі, паўфабрыкаты і гатовыя вырабы.