Аб відах і формах абутку даюць уяўленне розныя віды падэшвы, вырабленыя з тоўстай і моцнай скуры. Падэшвы можна раздзяліць на сіметрычныя, асіметрычныя і фігурныя.
Распаўсюджаным абуткам у горадзе былі поршні, боты, туфлі. Прычым мужчыны і жанчыны насілі аднолькавы абутак, які адрозніваўся толькі памерам.
Поршні (пасталы) – найбольш просты від абутку, яны не шыліся, а вырабляліся з аднаго кавалка сырамятнай скуры, якая выразалася па форме ступні і сцягвалася раменьчыкам на назе. Шылі поршні аднолькава на правую і левую ногі, форму нагі яны набывалі ўжо ў працэсе разноскі. Акрамя звычайных поршняў, археолагі знаходзілі так званыя ажурныя поршні, якія выконвалі функцыю параднага абутку. Ажурныя поршні ў Бярэсці з’явіліся ў ХІІІ ст.
Боты – яшчэ адзін від абутку берасцян. Яны мелі больш складаную канструкцыю і складаліся з халявы, галоўкі (перад), падэшвы і задніка. Боты мелі ў асноўным памеры 26–28 см.
Самым масавым відам абутку былі мяккія туфлі. Яны складаліся са скуранога наверша і падэшвы, злучаных, як правіла, вываратным швом. Шыліся туфлі з высокаякаснай скуры і сцягваліся на назе шнурком. Большасць мяккіх туфляў былі ўпрыгожаны рознымі тыпамі арнаментаў (лінейным, геаметрычным, раслінным) і прашыты каляровымі ваўнянымі ніткамі.
Першапачаткова практычна ўвесь абутак не меў абцасаў. Мяркуючы па раскопках, абцасы з’явіліся толькі ў XIV ст.