На гарызантальным ткацкім станку, фрагменты якога былі знойдзеныя пры раскопках, ткалі ваўняную і льняную тканіну.
Захаваліся толькі фрагменты ваўняных тканін. Яны адрозніваюцца па таўшчыні, расфарбоўцы, тэхналогіі ткацтва. Вырабляліся тканіны ў тэхніцы палатнянага і саржавага перапляцення. Часта на фрагментах сустракаюцца палосы жоўтага, зялёнага, чырвонага, карычневага колераў, створаныя фарбаванымі ніткамі. У той час ужываліся натуральныя фарбавальнікі.