Замок – адзін з самых складаных механізмаў старажытнасці. Вытворчасць замкоў патрабавала значнага вопыту, умення і складаных інструментаў. Берасцейскія замкі вырабляліся з блакавальнымі прыстасаваннямі, засцерагальнымі экранамі, часам яны інкруставаліся каляровымі металамі. Кожны камплект з цыліндрычнага замка, замыкальнай дужкі і ключа ўяўляў сабой складаны выраб і быў індывідуальным. Для яго вырабу трэба было злучыць метадам паяння, кляпання, луджэння і іншых тэхналагічных прыёмаў ад 30 да 50 дэталяў. У раскопе было знойдзена 38 замкоў, 48 ключоў. Адзін з ключоў мае вельмі рэдкую вінтавую форму.