Аснову рамеснай вытворчасці Бярэсця складала жалезаапрацоўчае рамяство. У пласце XIV ст. у Бярэсці раскрытыя рэшткі кузні з вялікім (2.2х1.25 м) кавальскім горнам, складзеным з буйных валуноў і цэглы. Берасцейскія кавалі паспяхова валодалі рознымі тэхналагічнымі аперацыямі – каваннем, зваркай, паяннем, абточваннем, загартоўкай, паліроўкай, што сведчыць аб дастаткова высокай тэхніцы кавальскага рамяства і значным вопыце майстроў.